Беларуская Служба

У Варшаве адбылося пахаванне згвалтаванай дзяўчыны з Беларусі

14.03.2024 15:21
Цырымонія пахавання грамадзянкі Беларусі Лізы адбылася на Паўночных могілках у польскай сталіцы. 
Аўдыё

У канцы лютага ў цэнтры Варшавы быў здзейснены напад на 25-гадовую жанчыну. Злачынца жорстка згвалціў яе і пакінуў паміраць. Праз некалькі дзён у бальніцы жанчына памерла.

Цырымонія пахавання Лізы адбылася на Паўночных могілках у Варшаве. З 13.00 у пакоі С прайшла цырымонія асабістага развітання з нябожчыцай. Праз гадзіну - а 14.00 - пачалася пахавальная працэсія. Сваякі Лізы прасілі прынесці белыя кветкі.

З прамовамі і малітвай выступілі прадстаўнікі трох хрысціянскіх канфесій: каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай. Партнёр Лізы ў сацыяльных сетках падзякаваў усім за падтрымку. Мужчына таксама звярнуўся да палякаў — напісаў, што Ліза не палітычная і не публічная асоба, таму просіць мірнага развітання, каб цырымонія не перарасла ў мітынг.

Трагедыя адбылася раніцай 25 лютага на вул. Журавя 47 у Варшаве. На жанчыну напаў мужчына ў масцы. Злачынца, пагражаючы нажом, зацягнуў яе ў двор,  жорстка згвалціў, душыў і пакінуў голай паміраць. Жанчыну знайшлі мінакі. Яе даставілі ў бальніцу, дзе яна памерла 1 сакавіка.

Зламыснік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне.

ПР/юл